НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для вымярэння параметраў руху судна, лятальнага апарата (ЛА), інш. рухомых аб’ектаў, для вызначэння месцазнаходжання і кіравання імі; адзін с тэхн. сродкаў навігацыі.

Бываюць: аўтаномныя (дзейнічаюць без прыёму сігналаў ад знешніх крыніц) і неаўтаномныя (устанаўліваюцца на рухомым аб’екце, вызначаюць навігацыйныя параметры па сігналах наземных, марскіх, паветр. і касм. установак); паводле прынцыпу дзеяння — гіраскапічныя, магн., гідраўл., радыётэхн., гідраакустычныя, інерцыйныя, аптычныя, інфрачырвоныя, механічныя. Да Н.п. адносяцца авіягарызонты, авіякомпасы, аўтапілоты, аўтарулявыя, аўташтурманы, вышынямеры, компасы, у т.л. гіракомпасы, курсографы, лагі, лоты, у т.л. рэхалоты, пеленгатары, секстанты, хранометры, гіравертыкалі, нахіламеры, аўтапракладчыкі, вымяральнікі скорасці ЛА, прыёмаіндыкатары радыёнавігацыйных і гідраакустычных сістэм (прызначаны для вызначэння напрамкаў на перадаючыя станцыі, вымярэння адлегласцей да іх і атрымання па гэтых даных каардынат аб’екта з дапамогай ЭВМ або табліц і спец. карт).

В.В.Латушкін, П.М.Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)